Ці з таго боку падступіліся?

Пакуль сёлетнія абітурыенты ўзмоцнена рыхтуюцца да здачы цэнтралізаванага тэставання, а ўніверсітэты разлічваюць планы прыёму пры ўсё яшчэ адносна невялікай колькасці патэнцыйных кандыдатаў у студэнты, паціху акрэсліваюцца і ўмовы паступлення, зададзеныя дзяржавай. Ці дапамогуць гэтыя намаганні паляпшэнню сітуацыі з адукацыяй у нашай краіне?

Па-першае, усталяваныя мінімальныя балы, якія неабходна набраць для таго, каб проста мець магчымасць падаваць дакументы. Абмякоўваць іх асабліва няма сэнсу – настолькі яны мізэрныя. Для таго, каб паспрабаваць сябе ў спаборніцтве за месца ў большасці ВНУ неабходна здаць ЦТ мінімум на 10 балаў з магчымых 100. Толькі на асобныя спецыяльнасці і па асобных прадметах будуць патрэбныя вышэйшыя балы (15 або 20), напрыклад за экзамен па беларускай або рускай мове пры паступленні на філалагічную ці лінгвістычную спецыяльнасць. Для “сілавых” навучальных установаў і факультэтаў, а таксама для некаторых спецыяльнасцяў іншых ВНУ, планка яшчэ ніжэйшая – ўсяго 5 балаў. 

                   Крыніца: minsknews.by

Вядома, што знойдуцца выпускнікі школаў, якія не набяруць і запаветны мінімум, але гэта гаворыць, выключна, аб катастрафічным стане школьнай адукацыі, але не паляпшае якасць студэнтаў у ВНУ. Бо тыя, хто набраў крыху больш за 10, усё адно не змогуць стаць добрымі студэнтамі – іх адзнака ў пераводзе на дзесяцібальную сістэму пераўтвараецца ўсяго толькі ў “пару” ці “трайбан”. А, нагадаю, мінімальнай “прыймальнай” адзнакай, што ў школе, што ў ВНУ, у нас лічыцца 4 (па дзесяцібальнай шкале). Можна лёгка ўбачыць, што планка ЦТ кардынальна ніжэйшая нават за патрабаванні звычайнага настаўніка да выкананага хатняга задання. Але, зыходзячы з практыкі Міністэрства адукацыі апошніх гадоў, наўрадці выпадае чакаць вяртання да ранейшага мінімуму ў 30 балаў…

Больш пільна трэба прыгледзецца да другой асаблівасці ўступнай кампаніі, тым болей, што вопыт ужывання гэтай “фішкі” налічвае ўжо некалькі гадоў. Вядзецца пра магчымасць для “медалістаў” паступаць у ВНУ без іспытаў, але толькі на педагагічныя спецыяльнасці. Ініцыятыва гэтая была ўведзена, безумоўна, з самымі найлепшымі памкненнямі. Педагагічны накірунак за апошнія гады стаў месцам канцэнтрацыі тых, хто не здолеў прайсці куды-небудзь яшчэ. Да гэтага, першага, “адмоўнага адбору” дадаваўся другі – ў школы па размеркаванні траплялі часцяком найменш прыстасаваныя і актыўныя з ліку студэнтаў (найбольш разумныя або проста “вяртлявыя” нярэдка ўцякалі працаваць не па спецыяльнасці). Першыя выпускі такіх настаўнікаў-недарэкаў ужо паспелі трапіць у школы, прадэманстраваўшы ўсю “глыбіню” сваіх ведаў і педагагічных талентаў, а асобныя выпадкі, калі добра падрыхтаваныя маладыя людзі ішлі ў школу паводле паклікання, з’яўляюцца, на жаль, выключэннем.

Вось і вырашылі кіраўнікі Мінадукацыі ды адміністрацыі ВНУ прыцягнуць таленавітую моладзь у шэрагі будучых педагогаў. І сапраўды, паводле інфармацыі, што трапляла ў адкрытыя крыніцы, за некалькі гадоў існавання такой спецыфічнай ільготы нейкая частка медалістаў скарысталася з яе і сёння атрымлівае прафесію настаўніка. Здавалася б, гэта дае падставы для радасці – не патраціўшы бюджэтных грошай ўдалося палепшыць якасць студэнтаў і патэнцыйных выкладчыкаў. Аднак, ці абгрунтаваная гэтая радасць? Падаецца, што да гэтай ініцыятывы можна паставіць, як мінімум, тры пытанні.

Колькі важыць медаль?

Не сакрэт, што сучасная беларуская школа пераняла яшчэ ад савецкай любоў да прыгожых паказнікаў. Сярэднія адзнакі вучняў, вынікі экзаменаў, колькасць алімпіяднікаў, адсоткі тых, хто паступілі ў ВНУ – гэта толькі самыя першыя з іх, якія прыходзяць у галаву. І пералічаныя паказнікі яшчэ хаця б маюць адносіны да вучобы. А як наконт зданай макулатуры або ўдзелу ў шматлікіх конкурсах?

Закладнікамі прагі да паказнікаў ёсць і так званыя медалісты. Колькасць залатых і срэбных медалёў значна ўплывае на рэйтынг школаў, што падштурхоўвае адміністрацыі да прадукавання такіх узнагароджаных вучняў. І размова ідзе нават не пра нейкія фальсіфікацыі, выпадкі, калі запаветны медаль аказваецца незаслужаным.

Часцей за ўсё, медалісты, акурат, найлепшыя вучні сваіх школаў. Але якімі навыкамі і ведамі яны валодаюць насамрэч? Для атрымання медалю вучню неабходна мець дыплом з адзнакай за базавую школу (то бок – “дзявяткі” і “дзясяткі” за 8 і 9 класы), а таксама скончыць 10 і 11 класы з тымі ж высокімі адзнакамі. Ці азначае гэта высокую матывацыю на прафесійны выбар? – Не, хутчэй з’яўляецца паказнікам таго, што чалавек умее выконваць шмат працы, не заўсёды добра асэнсоўваючы яе мэту. Ці дэманструе здольнасці да вывучэння канкрэтнай дысцыпліны? – Таксама не. Медалісты нярэдка знаходзяцца пад ціскам адміністрацыі, настаўнікаў і бацькоў, яны мусяць вучыць усе прадметы, не разумеючы, што канкрэтна будзе хавацца за тым з іх, які ляжа ў аснову абранага кірунку ў вышэйшай адукацыі. То бок, з добрага (па мерках нашай школы) вучня не абавязкова атрымаецца добры настаўнік-прафесіянал.

Наколькі хопіць запалу?

Другая праблема яшчэ больш відавочная. Дапусцім, нейкая частка медалістаў абрала педагагічныя спецыяльнасці. Міністэрства і адміністрацыі ВНУ ўжо ў гэтым гатовыя бачыць перамогу і рапартуюць аб поспехах. Аднак, нельга забывацца, што канчатковай мэтай вышэйшай адукацыі з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў належнага ўзроўню. Паступленне абітурыентаў з высокімі баламі або з добрым дыпломам – толькі першы этап на доўгім і складаным шляху. Таму казаць аб поспехах можна будзе толькі тады, калі “безэкзаменацыйныя” медалісты прыйдуць у школы і праявяць там сябе. І ніяк іначай. Калі мы ўбачым, колькі з іх, паступіўшы, “перагарэлі” і перавяліся на іншыя спецыяльнасці падчас вучобы. Колькі з іх пайшлі працаваць у школы, а не “адкасілі” ад размеркавання. Колькі, адпрацаваўшы два гады ў нашай школьнай сістэме, не страцілі пачатковы запал (калі ён увогуле быў) і не ўцеклі пры першай магчымасці. А пакуль, шаноўныя штабныя генералы ад адукацыі, не спяшайцеся з пераможнымі данясеннямі. Вашая гвардыя яшчэ не прайшла хрост агнём і сто разоў адступіць можа.

Ці ў любой загатоўцы можна ўбачыць дэталь?

Так, тут міжволі прыгадваюцца радкі з песні слыннага рок-гурта. І нездарма, бо ў сучасных умовах праца настаўніка вымагае, акрамя прафесійнага валодання прадметам, неймавернай вытрымкі і спецыфічных якасцяў. Нам катэгарычна не хапае настаўнікаў з устойлівай самаацэнкай, упэўненых у сабе - а толькі такія адмыслоўцы здольныя павесці за сабой вучняў. Не сакрэт, што многія негатыўныя элементы працы сучаснай школы з’яўляюцца вынікам менавіта таго, што настаўніцкі калектыў не здольны на элементарны мінімальны супраціў рашэнням адміністрацыяў або ціску з боку бацькоў.

Ці сведчыць выбар абітурыентам педагагічнай спецыяльнасці “без экзаменаў” пра наяўнасць у яго такіх якасцяў? – Не, наадварот. Акрамя невялікай колькасці тых, хто і з іспытамі пайшоў бы вучыцца на настаўніка, зыходзячы з уласнага паклікання. У большасці ж выпадкаў мы ўбачым элементарную прагу да “халявы” і абранне шляху найменшага супраціву. І яшчэ нядрэнна, калі гэта будзе зроблена з меркантыльных мэтаў: “Атрымаць дыплом неабходна, тут можна “не парыцца”, а працаваць у школе я, ўсё адно, не буду”. Тут, прынамсі, перад намі чалавек, здольны дакладна вызначаць свае мэты.

А што казаць пра тых маладзёнаў, якія пайшлі паступаць без іспытаў, бо “так прасцей”? Якая ў іх упэўненасць ва ўласных сілах і здольнасцях? Яны ўжо прадэманстравалі, што гатовыя абраць больш лёгкую дарогу, чым паспрабаваць трапіць на прэстыжную і перспектыўную спецыяльнасць праз экзамены. І гэта, не гледзячы на любыя медалі, паказвае нізкі ўзровень самаацэнкі. З такім жа нізкім узроўнем яны трапяць потым у школы. Ці ўбачаць дзеці ў такім настаўніку аўтарытэт і лідарскія якасці? Ці пажадаюць быць да яго падобнымі? Або, праз колькі гадоў, Міністэрству адукацыі давядзецца вынаходзіць новыя спосабы прыцягнення моладзі ў педагагічныя ВНУ. І, баюся, пра медалістаў ужо гутарка ісці не будзе – хоць каго б…

Як вынік, застаецца адзначыць, што, у чарговы раз, мы назіраем спробу палепшыць стан адукацыі, каб было “танна і сярдзіта”. Але так не бывае. Не з таго боку падступаецеся, шаноўныя. Прэстыж настаўніцкай працы неабходна падымаць высокімі заробкамі і добрымі сацыяльнымі пакетамі. Праз заканадаўчую абарону статусу настаўніка і ачышчэнне яго працы ад не звязаных з выкладаннем элементаў. Толькі калі асоба настаўніка будзе ўзорам паспяховай кар’еры для вучняў на педагагічныя спецыяльнасці сапраўды пойдуць найбольш здольныя абітурыенты, медалісты ў тым ліку. І заманьваць іх адсутнасцю іспытаў не спатрэбіцца.