Рэпетытар: праблема або неабходнасць?

“На дадзены момант у Беларусі адкрыта больш за тысячу профільных класаў. Гэта дазволіць вывучаць прадметы на больш высокім узроўні і, магчыма, нейкім чынам вырашыць праблему рэпетытарства ў краіне” – так апісала стан і перспектывы развіцця профільнай адукацыі ў старэйшых класах віцэ-прэм’ер Налалля Качанава. Цытата высокай чыноўніцы ўжо выклікала рэакцыю не толькі паміж рэпетытараў, а і сярод шырокіх колаў грамадскасці.

У сваёй калонцы на сайце газеты “Камсамольская праўда ў Беларусі” выказаўся вядомы рэпетытар і стваральнік перадачы “Работа над памылкамі” Яўген Лівянт. Ён трапна прывёў прыклады двух дзяржаваў з ліку наймацнейшых на сённяшні дзень у свеце, ЗША і Кітаю, дзе стаўленне ўладаў да рэпетытараў нават не нейтральнае, а надзвычай спрыяльнае. У гэтым святле заканамерна паставіць пытанне: ці не крыецца ў такім стаўленні частковая прычына эканамічных, вытворчых і навуковых поспехаў пазначаных краінаў? І, адпаведна, паўстае другое, не менш заканамернае пытанне: ці маюць рацыю беларускія ўлады, разглядаючы рэпетытараў як з’яву, з якой неабходна змагацца?

                  Крыніца: velvet.by

Бо менавіта такі кантэкст вынікае з выказвання віцэ-прэм’ера, а таксама з пазіцыяў іншых чынавенцаў, якаі неаднаразова агучваліся ў СМІ. Рэпетытар у нас, чамусці, разумеецца, у лепшым выпадку, як непазбежнае зло. Маўляў, адукацыю мусіць даваць выключна школа (пад гэтым разумеецца менавіта дзяржаўная школа), а рэпетытары – гэта такія сабе паразіты, што харчуюцца на недахопах школьнай адукацыі. Недахопы гэтыя, безумоўна, адзінкавыя, а ў масе сваёй нашыя пост-савецкія школы – проста кузьні ведаў для маладхы людзей, а падрыхтаваць школьнікў да паступлення ва ўмовах класу ў 25-30 чалавек – плёвая справа. На вялікі жаль, пагадзіцца з такой пазіцыяй адказных дзяржаўных мужоў і кабетаў не дазваляюць ўсталяваныя імі ж мінімальныя праходныя балы ў ВНУ, якія, у сярэднім, адпавядаюць адзнацы 1 па дзесяцібальнай сістэме. Практыка аўтара гэтых радкоў,  у сваю чаргу, гаворыць яму, што значная частка студэнтаў паступаюць менавіта з баламі, якія ледзь-ледзь перавышаюць гэты ганебны мінімум.

Дык што ж такое рэпетытары адносна сістэмы адукацыі? І, адпаведна, ці ёсць праблема рэпетытарства і ці павнінны профільныя класы яе вырашаць? Адказ досыць просты: рэпетытар – гэта частка сістэмы адукацыі. Такая ж, як дзіцячы садок, школа, каледж ці ВНУ. Гэта частка сістэмы, яе элемент, які закліканы вырашаць пэўныя задачы для дасягнення выніковай мэты. А, нагадаю вялікім і малым начальнікам, мэта адукацыі – падрыхтоўка высокаякаснага спецыяліста і ўсебакова развітага чалавека. І кожны з элементаў сістэмы адукацыі вырашае для гэтага нейкую сваю задачу. Мы ж не будзем патрабаваць ад дзіцячага садка даваць дашкольнікам прафесійныя навыкі – гэта задача ўстановаў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Такі ж падыход неабходна ўжываць адносна “спаборніцтва” між школай і рэпетытарам. Прынамсі, для таго, каб зразумець, што ніякага спаборніцтва няма.

Асноўная задача школы – масавая падрыхтоўка маладых людзей з наборам базавых ведаў, уменняў і навыкаў. Тэарэтычна, у сучаснай беларускай школе вучань мусіць аднолькава старанна вывучаць усе прадметы праграмы. Менавіта для забеспячэння гэтай стараннасці тая самая дзяржава, якая сёння праз прафілізацыю імкнецца змагацца з рэпетытарамі, яшчэ ўчора сама ўвяла сярэдні бал атэстату як элемент для набору балаў падчас паступлення. Гэта значыць, што вучань выпускнога класу не можа “забіць” на непратрэбную яму для ЦТ матэматыку, калі для паступлення здае, напрыклад, біялогію і хімію. І на гісторыю з літаратурай ён “забіць” не зможа, і, нават, на фізкультуру – бо важны кожны бал запаветнага атэстату.

Адроджаная нядаўна прафілізацыя сітуацыю не выправіць. Па-першае, сярэдні бал, здаецца, ніхто не адмяняе. Па-другое, профільнае навучанне ў 10-11 класе – гэта драбяза, якая не дапаможа здаць ЦТ пры захаванні настолькі невялікага ўзроўню “паглыблення” ў профільныя прадметы, які ёсць сёння. Па-трэцяе, далёка не ва ўсіх школах будуць існаваць усе  профілі, а таксама далёка не ўсе школьнікі будуць паступаць, згодна з абраным профілем школьнага навучання. Гэта ўжо не кажучы пра тое, ці знойдуцца ў кожнай школе настаўнікі, годныя для таго, каб на высокім узроўні весці профільныя прадметы? Пытанняў, карацей, надзвычай шмат, а адказы на іх вымалёўваюцца досыць туманна.

Сам аўтар гэтых радкоў вучыўся калісці ў профільным класе, фізіка-матэматычным, але абраў абсалютна не звязаную з профілем прафесію і навуковую спецыялізацыю – гісторыя Ранняга Сярэднявечча. Не магу сказаць, што веды, атрыманыя ў “фіз-маце” мне не дапамаглі – якраз наадварот. Але для паступлення мне была патрэбна мэтанакіраваная дадатковая падрыхтоўка – двух урокаў гісторыі і аднаго ўроку грамадазнаўства ў тыдзень яўна не дастаткова для здачы ўступных іспытаў у ВНУ. Аднак, на курсы і да рэпетытараў хадзіў не толькі я – таксама хадзілі і тыя, хто збіраўся паступаць па профілі. Бо школьнай падрыхтоўкі, нават профільнай – мала. А “фіз-мат” для нас пачаўся ад 8 класу, а не ад 10, як для сённяшніх школьнікаў!

Калі дзяржава жадае поўнасцю пераключыць падрыхтоўку ў ВНУ на профільныя класы, то ёй неабходна рыхтавацца да правядзення складанай і вельмі дарагой адукацыйнай рэформы, для стварэння мадэлі, па ўзоры брытанскай. Там школьнікі скончваюць базавую школу з амаль такім жа набораў прадметаў, як і ў нас. Але потым, у старэйшай школе, набор прадметаў фактычна абмяжоўваецца толькі тымі, якія неабходныя для здачы іспытаў у ВНУ. Вось, што такое профільная школьная адукацыя, якая рыхтуе да паступлення. У нас жа, па ўзгаданай вышэй прычыне напаўнення адукацыйнага працэсу, ды яшчэ і з улікам сярэдняга балу, такой мадэллю і не пахне!

Што ж можна зрабіць нам сёння, і якая мусіць быць роля рэпетытараў, калі апошніх перастаць разглядаць як ворагаў, а паставіцца да іх, як да часткі наяўнай айчыннай мадэлі адукацыі? У гэтым выпадку школа можа працягваць рабіць тое, што робіць зараз – даваць падмурак, базу ведаў. Менавіта гэта павінна быць вызнана як задача школы. Прафілізацыя тут дапаможа, але не мусіць быць вырашальнай. А вось рэпетытары і курсы ўжо будуць існаваць для выканання іншай задачы, таксама абсалютна канкрэтнай – для падрыхтоўкі да паступлення. Акрамя гэтага, яны могуць узяць (ужо ўзялі) на сябе дадатковую задачу – запаўненне прабелаў у школьнай адукацыі. Такім чынам, яны дапрацуюць там, дзе, па розных прычынах, не дапрацавала школа. Школьны настаўнік і рэпетытар мусяць не супрацьстаяць, а дапаўняць адзін аднога.

Можна таксама пачуць меркаванне, што школа, маўляў, для ўсіх аднолькавая і бясплатная, а рэпетытары, бач ты, грошы зарабляюць на мэтанакіраванай падрыхтоўцы! Адказ будзе просты, і, магчыма, для многіх непрыемны – бясплатнай і роўнай адукацыі няма. Ёсць адукацыя сталічнай гімназіі або ліцэю БДУ, ёсць адукацыя вясковай школы з пяццю вучнямі ў класе (пры добрым настаўніку гэта яшчэ лепей за ўсялякія ліцэі – прыклады многіх паспяховых студэнтаў гэта падцвярджаюць), а ёсць звычайная школа ў спальным раёне, дзе колькасць вучняў на клас можа перавышаць тры дзясяткі, а настаўніцкі калектыў – мяняцца кожны год. І ўзровень адукацыі ў гэтых, фармальна роўных, установах будзе розны.

Ну, а наконт бясплатнасці – ўсё яшчэ прасцей. Яна платная, толькі аплочваецца з бюджэту. Для мэты дасягнення ўсеагульнасці адукацыі ў грамадстве развітыя супольнасці ўжо гадоў сто таму перайшлі менавіта да такой мадэлі. Калі разгледзець школу, як прыватную фірму, то мы ўсе калектыўна купляем ў яе адукацыйныя паслугі для наступнага пакалення. Для гэтага ўжываюцца бюджэтныя грошы, то бок – або з падаткаў, або з прыбыткаў дзяржавы ад прыроднай і іншай рэнты, ці з дзяржпрадпрыемстваў і г.д. У выніку, бюжэт – гэта нашая агульная скарбонка, з якой мы аплочваем паслугі школы. Наколькі многа зможам аплаціць – залежыць ад скарбонкі. У нас яна невялікая. Вось у Германіі нядаўна ўсю вышэйшую адукацыю зрабілі бясплатнай, то бок – аплочанай з бюджэту. Германія можа сабе дазволіць такую раскошу. Беларусь, на жаль – не.

З гэтай жа логікі варта разглядаць і амерыканскую практыку, дзе школьнікі старэйшых класаў, якія дапамагаюць у навучанні малодшым, атрымліваюць ад мясцовага бюджэту нейкія, хай невялікія, але грошы. ЗША (дакладней - заможныя графствы і акругі) могуць сабе гэта дазволіць. Беларусь, зноў жа – не.

Трэба перастаць лётаць у сацыялістычных марах і пачаць сыходзіць з нашых рэальных магчымасцяў. Мы маем тую школу, якую можам аплаціць. І калі дзяржава не можа павялічыць у некалькі разоў фінансаванне сярэдняй школы, то няхай абмяжуецца тымі адукацыйнымі паслугамі, на якія хопіць грошай. А значыцца – ўсё тым жа базавым узроўнем, неабходным для кожнага. На шчасце, на гэта ў нас, пакуль што, грошы ёсць.

А астатняе выканаюць рэпетытары.