Спектр выбару – між ігнорам і адпіскай. Некаторыя развагі з нагоды дыскусіі аб тэстах па матэматыцы.

Спектр выбару – між ігнорам і адпіскай. Некаторыя развагі з нагоды дыскусіі аб тэстах па матэматыцы.

Фармулёўкі заданняў да цэнтралізаванага тэставання традыцыйна выклікаюць неадназначную рэакцыю. Не стаў выключэннем і гэты год: пасля з’яўлення ў доступе заданняў рэпетыцыйных тэстаў па матэматыцы адбылася завочная, але досыць гарачая дыскусія паміж рэпетытарам па фізыцы і матэматыцы Яўгенам Лівянтам і Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў.

Усё пачалося з таго, што рэпетытар выкладаў некаторыя заданні, якія з’яўляліся спрэчнымі з яго пункту гледжання, на сваёй старонцы ў Facebook, а затым напісаў зводны аналіз гэтых заданняў для сайту eSchool.by. Ён заклікаў РІКВ тэрмінова змяніць склад аўтараў тэстаў, каб пазбегнуць такой колькасці “дурных” (у фармулёўцы аўтара аналізу) заданняў на фінальным ЦТ, вынікі якога будуць улічвацца ва ўступнай кампаніі гэтага году. Як справядліва адзначыў у сваёй публікацыі пан Яўген, ЦТ – гэта дзяржаўны іспыт, і фармулёўкі заданняў у ім мусяць быць карэктна і ў адпаведнасці з матэматычнымі вызначэннямі і правіламі. Падрабязна з крытычным разборам РТ можна азнаёміцца ў самой публікацыі.

Неўзабаве РІКВ адказаў на крытыку з боку рэпетытара. На тым жа сайце eSchool.by з’явіўся ліст, які, аднак, аўтар гэтых радкоў не адважыцца акрэсліць тэрмінам “афіцыйны адказ дзяржаўнай інстытуцыі”. Нягледзячы на тое, што аўтары адказу проста-ткі перапоўнілі тэкст спасылкамі на навучальныя дапаможнікі, артыкулы ў профільных часопісах і іншыя матэрыялы, па выніку карціны прыстойнага адказу на крытыку ніяк не складваецца.

Я, безумоўна, не матэматык. І, на вялікае шчасце, сам характар тэстаў па грамадазнаўстве і гісторыі – іншы, чым па фізіцы, хіміі і матэматыцы (хаця, там ёсць свае “падводныя камяні”, але пра іх – іншым разам). Аднак, мне пашчасціла скончыць профільны фізіка-матэматычны клас у тыя часы, калі профілі ўжо былі і яшчэ былі, і профілі гэтыя былі, на шчасце, не падобныя да незразумелых “агрызкаў” на два апошнія гады навучання, якія ўводзяць зараз. Не ведаю, якую матэматыку вывучаюць сучасныя школьнікі, але рэшткаў маіх ведаў па той матэматыцы, якую вывучаў я (пра “розныя матэматыкі” пішу адмыслова), хапіла, каб ацаніць і недакладнасць многіх заданняў, а то і поўную бязглуздасць некаторых з іх.

                  Крыніца: eschool.by

Шчыльнасць спасылак на метадычную літаратуру ў адказе ад РІКВ, канечне, уражвае, аднак маё вока гісторыка да спасылак прывыкла, яго спасылкамі не падманіш. Па-першае, адразу заўважна, што за спасылкамі аўтары адказу старанна прыхавалі тыя самыя недахопы, на якія ўказваў Яўген Лівянт і іншыя крытыкі сёлетняга РТ. У тым ліку адмыслоўцы РІКЗ папросту праігнаравалі некаторыя з заўвагаў, якія ўказвалі на найбольш непрыстойныя памылкі. Так, напрыклад, у задачы А8 варыянту ІІ можа быць адказ, пры якім задачу і рашаць не трэба – дастаткова глянуць на дыяграму і прынцяць за 100% лічбу тых, якія ўвогуле паедуць на адпачынак (пытаюцца ж: “Колькі адсоткаў ад тых, што запланавалі паездку...”). А што там гэта задача на праверку ведання школьнікамі тэмы “Адсоткі” ў тым канкрэтным яе прачытанні, якое прапануюць аўтары артыкулаў, на якія спасылаецца РІКВ – дык гэта школьнікам ведаць не абавязкова! Па-другое, складваецца ўражанне, што методыка спасылкі на падручнікі без асаблівых дадатковых тлумачэнняў, ужытая на працягу ўсяго адказу, хавае ў сабе логіку не вельмі прыстойных у навуковым свеце паводзінаў, калі дыскусія адбываецца па прынцыпе “зязюля хваліць пеўня…”. Канкрэтна тут карціна вымалёўваецца наступная: самі напісалі падручнікі і артыкулы (з, як высвятляецца, не вельмі карэктнымі фармулёўкамі) – самі напісалі паводле падручнікаў тэсты – самі спасылаемся на падручнікі ў абароне ад крытыкі тэстаў…

У адным са сваіх нядаўніх артыкулаў у прэсе той жа Яўген Лівянт параўнаў палітыку двух міністэрстваў – ўнутраных справаў і адукацыі – датычна рэакцыі на запыты з боку грамадства. Ён адзначыў, што міністр і іншыя чыноўнікі МУС добра ці дрэнна, але даюць каментары па розгаласных справах апошняга часу. А вось міністр адукацыі, наадварот – уцякае ад адказу на пытанні (нядаўні відэаролік, які гуляе зараз па інтэрнэце ілюструе, што пан міністр Жураўкоў уцякае ад пытанняў беспасярэдне і, так бы мовіць, фізічна, а не толькі вобразна). Аднак, мушу не пагадзіцца ў гэтым з калегам-рэпетытарам. Падаецца, што такія адказы, як той, што быў атрыманы самім панам Яўгенам, дэманструюць, што і ігнараванне, і адказы-адпіскі – абое рабое. Гэта, як вынік, проста адлюстраванне таго, як дзяржаўныя органы ставяцца да крытыкі з боку грамадства.