Дапамажыце парталу стаць лепей!

Наш партал знаходзіцца толькі ў пачатку свайго шляху. Адміністрацыя робіць і надалей будзе рабіць усё магчымае, каб наведвальнікі атрымлівалі якасны кантэнт, маглі абменьвацца думкамі, а таксама мелі зручны ды надзейны сайт для размяшчэння інфармацыі аб адукацыйных паслугах. Але нам неабходная і вашая дапамога. 

Пакуль што сайт працуе ў тэставым рэжыме. Мы маем вялікія планы, што да яго развіцця, аднак яны вымагаюць часу і працы. За ўсім гэтым мы можам прапусціць некаторыя памылкі або агрэхі – ад абдруковак у тэкстах да памылак у функцыянале парталу, або асобных яго частак. Калі вы заўважыце такія памылкі, то мы просім вас звязацца з намі праз форму зваротнай сувязі і паведаміць пра іх.

Таксама мы разумеем, што не здольныя ахапіць усяго ў галіне функцыяў парталу. Мы будзем дадаваць новыя раздзелы, сэнсавыя блокі і тэмы, аднак, разумеем, што не заўсёды зможам прадбачыць актуальнае ў ва ўсіх накірунках дзейнасці. Таму прапануем тым, у каго ёсць ідэі аб развіцці UNIVERSITAS.BY, і хто хоча імі падзяліцца, таксама скарыстацца з формы зваротнай сувязі. Не ў апошнюю чаргу гэта тычыцца тых наведвальнікаў, якія прапануць праз партал свае адукацыйныя паслугі – рэпетытараў і арганізатараў разнастайных курсаў. Калі вашая сфера дзейнасці не адлюстраваная ў адпаведных катэгорыях на партале, абавязкова напішыце нам – мы выправім гэтую недапрацоўку.

Асобна хацелася б звярнуцца да тых, хто імкнецца неяк паўплываць на развіццё сістэмы адукацыі ў нашай краіне. Наш партал мы разглядаем як пляцоўку па абмене думкамі, а магчыма – і як базу для выпрацоўкі новых стратэгіяў па вывядзенні беларускай адукацыі з наяўнага крызісу. У любым выпадку, стратэгія заўсёды пачынаецца з крытыкі наяўнага і прапановы новага, з сферы ідэяў. А для выказвання ідэяў мы ўжо плануем у структуры парталу першы адпаведны раздзел, “Блогі”. Пры жаданні вы можаце стаць адным з блогераў UNIVERSITAS.BY і выказаць свае думкі на тэму сучаснага стану або перспектываў адукацыі ў Беларусі. Мы не баімся крытыкі, мы не жадаем і не будзем рабіць “вясёлую міну пры дрэннай гульні”, мы разумеем той стан, у якім знаходзіцца айчынная адукацыя – таму прапануем выказвацца ўсім заахвочаным. Гэта першы крок да вырашэння праблемы.

Сёння мы маем вялікія планы, што да развіцця парталу. Аднак, у нас не атрымаецца іх здзнейсніць без дапамогі калегаў-выкладчыкаў, навукоўцаў, студэнтаў, бацькоў і школьнікаў – усіх, хто вучыць, і хто вучыцца. І мы шчыра спадзяемся на вашую дапамогу!