Партал UNIVERSITAS.BY распачынае працу

Шаноўныя калегі! Настаўнікі і вучні, выкладчыкі і студэнты, тыя, хто вучыць, і тыя, хто вучыцца!

Сёння распачынае працу новы беларускі інтэрнэт-рэсурс, прысвечаны праблемам адукацыі, UNIVERSITAS.BY. Мы радыя вітаць вас на яго старонках і спадзяемся, што ён утворыць зручную пляцоўку для камунікацыі на адукацыйную тэматыку, а таксама для рэкламы і пошуку адукацыйных паслугаў.

Сістэма адукацыі незалежнай Беларусі мае ўжо болей за два дзясяткі гадоў. За яе плячыма – вопыт “савецкай школы”, якую то хваляць, то ганьбяць, у залежнасці ад прыватных поглядаў таго ці іншага аўтара. У яе распараджэнні – даступныя дасягненні замежнай педагогікі і навукі, прыклады ўдалых і няўдалых рэформаў, што рабіліся ў блізкіх і далёкіх краінах. Ды і сваіх шышак нашая адукацыя паспела ўжо набіць – гэта зразумела любому, хто хоць крыху да яе дакранаўся. Дарэчы, сфера адукацыі, мабыць, адна з найбольш дыкусійных у грамадстве акурат таму, што кранае кожнага. Хтосьці з нас вучыць, хтосці вучыцца, а хтосці  прымервае на сучасную інфамацыю аб праблемах школы ці ўніверсітэту ўласны вопыт, як правіла, той самай “савецкай” даўніны.

Аўтар гэтых радкоў ужо паспеў выпрабаваць на сабе беларускую адукацыю з абодвух бакоў барыкадаў: як і большасць, я быў школьнікам і студэнтам, а, паводле прафесіі, і, хочацца думаць – паклікання, зведаў і хлеб выкладчыцкай працы. За ўсе гэтыя гады я не мог не заўважаць глыбіні той прорвы, у якую кацілася і каціцца беларуская адукацыя. Падзенне прэстыжу выкладчыцкай і навуковай працы, і, як вынік – “уцёкі мазгоў” з сферы ды й увогуле з краіны, забюракратызаванасць, нізкія заробкі, фармалізм і навешванне на настаўнікаў і выкладчыкаў неўласцівых функцыяў  – гэтыя толькі некалькі прычынаў крызісу, якія можа лёгка ўзгадаць кожны, хто хоць крыху датычны сферы адукацыі ў сучаснай Беларусі. Ці бачны нейкі прасвет? Ці варта чакаць, пакуль Міністэрства адукацыі раптам пачне прыймаць толькі слушныя і ўзважаныя рашэнні, а пірамідападобная сістэма “аддзелаў адукацыі” і адміністрацыяў навучальных установаў зможа правільна забяспечыць іх выкананне? Падаецца, не варта, і вось чаму.

Грамадства – гэта вельмі складаная сістэма, а адукацыя патрэбная гэтай сістэме для працягу існавання ў часе. Тое, што збіліся механізмы гіганцкай машыны пад назвай “дзяржаўная сістэма адукацыі”, яшчэ не азначае, што адукацыя як такая перастане існаваць у грамадстве. Грамадству патрэбная адукацыя, таму яна будзе. Для паступлення ў ВНУ неабходна здаць цэнтралізаванае тэставанне, а падрыхтаваць да яго ў школе амаль немагчыма? – Атрымайце росквіт прыватных рэпетытараў і адукацыйных цэнтраў. З дзіцячых садкоў збеглі праз нізкі заробак таленавітыя выхавальніцы? – А вось вам розныя групы-“развівайкі”, хай і платныя, але гэта ўсяго толькі сімптом адказу прапановай на попыт.

Менавіта са спадзевам на лепшую будучыню айчыннай адукацыі быў распачаты гэты праект. Яго назва, UNIVERSITAS.BY, мае пад сабой наўпроставую адсылку да сярэднявечных універсітэтаў, і не выпадкова. Лацінскае слова universitas азначае “сукупнасць, аб’яднанне”. Першапачаткова ўніверсітэты не засноўваліся манархамі ці дзяржавай (ды і “дзяржавы” ў сучасным разуменнні ў Еўропе ХІІ ст. не было!), а ствараліся як карпарацыі, што аб’ядноўвалі людзей адукаваных і тых, якія прагнулі адукацыі – Настаўнікаў і Вучняў. Адукацыйныя ўстановы маглі мяняцца, але сутнасць арганізацыі адукацыі заставалася нязменнай – ў ХІХ ст. прускі міністр і навуковец Вільгельм фон Гумбольд, заснавальнік сістэмы адукацыі мадэрнага тыпу, скажа: “Універсітэты нічым не абавязаныя ўраду, насупраць – урад  усім абавязаны ўніверсітэтам”. Адукацыя – гэта раўнапраўныя адносіны паміж тымі, хто вучыць, і тымі, хто вучыцца, гэта аб’яднанне зацікаўленых у перадачы і артыманні ведаў, адмысловая карпарацыя, universitas

Гэты сайт узнік як вынік аналізу наяўных прапановаў паслугаў такога кшталту, дакладней – наяўнасці адсутнасці такіх паслугаў. Сёння ў беларускім інтэрнэце маюцца сайты аб праблемах адукацыі, сайты для пошуку рэпетытараў, нават сайты настаўнікаў з парадамі і метадычнымі матэрыяламі для калегаў, але няма зручнага парталу, які б акумуляваў адразу некалькі галінаў інфармацыі, аб’яднаных адукацыйнай тэматыкай. Дакладней, такога парталу не было – яго стварэнне і развіццё мы распачынаем сёння. Я адмыслова кажу “мы”, бо разумею пад намі цэлы universitas, складзены з калегаў-выкладчыкаў, бацькоў, дзяцей, студэнтаў, усіх, хто жадае перадаць свае веды, альбо веды засвоіць.  Партал знаходзіцца ў самым пачатку жыццёвага шляху, мы спадзяемся, што ён дасягне пастаўленай мэты і для тых, хто зацікавіцца адукацыяй і адукацыйнымі паслугамі ў Беларусі будзе месца для пошуку адказу на свае пытанні - UNIVERSITAS.BY