Памёр Ніл Гілевіч

29 сакавіка 2016 г. пайшоў з жыцця апошні Народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч. У айчыннай гісторыі і культуры ён застанецца не толькі як адзін з найвялікшых паэтаў, але і як актыўны абаронца беларускай мовы і ўдзельнік працэсаў беларусізацыі, у тым ліку ў адукацыйнай сферы.

Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёну Мінскай вобласці. Ён атрымаў адукацыю ў Мінскай педагагічнай вучэльні імя  Н.К. Крупскай і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (філалагічны факультэт), пазней скончыў аспірантуру БДУ, у розныя гады выкладаў у школе і на кафедры беларускай літаратуры ў БДУ.

За заслугі на ніве літаратурнай дзейнасці Ніл Гілевіч быў, акрамя іншага, уганараваны званнем Народны паэт Беларусі. Акрамя яго, гэтае званне мелі ўсяго сем чалавек (Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін). Ніл Гілевіч быў не толькі паэтам, ён актыўна займаўся перакладамі, быў вядомы як літаратуразнаўца.

                   Крыніца: naviny.by

Асобнага месца заслугоўвае грамадская дзейнасць Ніла Гілевіча. У розныя гады ён уваходзіў у кіраўніцтва Саюзу пісьменнікаў БССР, Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Двойчы ён абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету, першы раз - у 1985 г. у ВС ХІ склікання, другі раз - у 1990 г. у ВС ХІІ склікання.

У перыяд крызісу Савецкага Саюзу і пасля набыцця Рэспублікай Беларусь незалежнасці Ніл Гілевіч, з'яўляючыся дэпутатам Вярхоўнага Савету, актыўна працаваў у накірунку пашырэння беларускай мовы, якая, хоць і займела тады статус адзінай дзяржаўнай, але не была распаўсюджана ў грамадстве. У складзе ВС Ніл Сымонавіч узначаліў Камітэт па адукацыі, культуры і захаванні культурнай спадчыны, якім кіраваў з 1990 па 1995 гг. Менавіта плёнам дзейнасці гэтага Камітэту сталі намаганіі па паступовай беларусізацыі школьнай і вышйэшай адукацыі. У тыя гады шматлікія школы былі пераведзеныя на беларускую мову, а многія супрацоўнікі ВНУ атрымалі магчымасць выкладаць свае прадметы па-беларуску. Гэта змагло закласці пачатак новым працэсам, якія, як меркавалася, праз ўстойлівую і гарантаваную законам магчымасць вучыцца па-беларуску, прывядуць да падвышэння статусу і сацыяльнага прэстыжу беларускай мовы і да яе наступнага масавага распаўсюду.

Пазней у грамадстве актыўна замацоўваўся (і працягвае транслявацца сёння) стэрэатып аб, нібыта, "гвалтоўнай беларусізацыі", якая, быццам бы, не адпавядала інтарсэам большай часткі народу. Аднак, факты сведчаць самі за сябе - за час працы Камітэту ў яго было скіравана мноства падязкаў з розных рэгіёнаў краіны, а скаргі на "гвалтоўную беларусізацыю" вымяраліся літаральна адзінкамі.

Шмат у чым той імпульс беларусізацыі, які быў зададзены пры беспасярэднім удзеле Ніла Сымонавіча Гілевіча, працягвае існаваць па сённяшні дзень. Гэта дае спадзеў на паспяховую будучыню для беларускай школы, у тым ліку - вышэйшай.

Адміністрацыя парталу UNIVERSITAS.BY выказвае свае глыбокія спачуванні сваякам і блізкім Ніла Сымонавіча, а таксама ўсім, хто з болем і жалем успрыняў навіну пра смерць апошняга Народнага паэта.

 

 

 

 


Читать полностью: http://news.tut.by/culture/490434.html