Барысу Кіту - 106!

Сёння, 6 красавіка, спаўняецца 106 гадоў аднаму з найвядомейшых беларусаў у свеце – знакамітаму навукоўцу і грамадскаму дзеячу Барысу Кіту. На жаль, гэтая асоба не вельмі вядомая сёння на радзіме, а, між іншым, Барыс Кіт – адзін з тых нашых суайчыннікаў, якімі варта безумоўна ганарыцца. Дарэчы, на адмену ад многіх нашхы землякоў, якія ў розныя часы і па розных прычынах пакінулі Беларусь, Барыс Кіт хоць і пражыў большую частку жыцця за мяжою, але заўсёды быў і застаецца рупліўцам беларускай справы і ніколі не парываў сувязі з нашай краінай. Ужо гэта адно можа быць падставай для глыбокага шанавання гэтага чалавека з боку беларусаў. Для свету ж асоба Барыса Кіта звязаная з высокімі дасягненнямі ў галінах навукі і адукацыі, да таго ж – у адной з самых прагрэсіўных сфераў – касмічнай.

Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 г. у сям’і беларусаў, якая жыла на той час ў Пецярбургу. Карані яго бацькі былі з Наваградчыны, куды сям’я і вярнулася ў 1918 г. Заходння Беларусь пасля польска-савецкай вайны адыйшла да Польшчы і на міжваенны перыяд лёс Барыса Кіта будзе звязаны з адукацыяй і нацыянальным рухам на заходнебеларнускіх землях. Будучы навуковец вучыўся ў народнай школе ў Карэлічах, а затым у Наваградскай беларускай гімназіі, якую скончыў у 1928 г. Поспехі ў навуках, асабліва дакладных, дазволілі яму паступіць на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, і нават мець там, у ліку лепшых студэнтаў, урадавую стыпендыю. Паралельна Барыс Кіт бярэ актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху, за што двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. Універсітэт ён скончвае ў 1933 г., але ўжо ад 1931 г. выкладае ў Віленскай беларускай гімназіі, якую ўзначаліць у 1939 г. Ад восені 1939 г. па лета 1941 г. Барыс Кіт узначальваў адроджаную Наваградскую гімназію, быў школьным інспектарам па Баранавіцкай вобласці, дзе ствараў беларускія школы.

                  Крыніца: tut.by

Пасля пачатку нямецкай акупацыі ён нейкі час працаваў звычайным настаўнікам у вясковай школе. У 1943 г. уключыўся ў працу па стварэнні прафесійнай беларускай адукацыі: узначальваў настаўніцкія семінары ў Маладэчне і Паставах, кіраваў новаствораным Адміністрацыйна-гандлёвым інстытутам у Маладзечне. Аднак, палітыка нямецкіх уладаў у дачыненні да беларускага руху была надзвычай непаслядоўнай. Так, у 1944 г. многія навучальныя ўстановы былі зачыненыя, а сам Барыс Кіт – арыштаваны гестапа. Па ягоных уласных успамінах, толькі цудам і дязкуючы падтрымцы некаторых знаёмых яму беларускіх дзеячоў, яму ўдалося выратавацца ад растрэлу.

У той жа час, для прадстаўнікоў беларускага руху, якія хоць нейкім чынам супрацоўнічалі з немцамі, не было месца ў Беларусі пасля вяртання савецкай улады. Настаўніцкая праца Барыса Кіта адназначна разглядалася Саветамі як “здрада радзіме” (хаця, ён, па сутнасці, і не быў грамадзянінам БССР). У гэтых умовах, як і многія іншыя дзеячы нацыянальнага руху, Барыс Кіт выязджае на Захад, уліваючыся ў так званую “трэцюю” (або “пасляваенную”) хвалю беларускай эміграцыі.

Асеўшы ў Мюнхене, ён выкладае матэматыку, а таксама вывучае медыцыну ў мясцовым універсітэце, а ў 1949 г. выязджае ў ЗША. Амерыканскі перыяд жыцця Барыса Кіта, акурат, і прынёс яму сусветную славу. Як грамадскі дзеяч, ён спрычыніўся да стварэння і функцыянавання шэрагу арганізацыяў, што аб’ядноўвалі беларускіх эмігрантаў, у прыватнасці – заснаваў Беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт. Значную навуковую дзейнасць ён распачаў у Каліфорніі, дзе паступіў на працу ў кампанію “North American Aviation”. Гэта быў перыяд Халоднай вайны і касмічнай гонкі між ЗША і СССР. Таленавіты матэматык атрымаў магчымасць прыкласці свае веды да практычна працы па распрацоўцы ракет і іншай тэхнікі для засваення космасу. У прыванасці, Барыс Кіт займаўся даследаваннем ўжывання ў якасці паліва для касмічных ракет вадароду. Таксама яго дзейнасць звязаная з такімі вядомымі на ўвесь свет касмічнымі праектамі, як праграмы “Апалон” (падарожжы на Месяц і магчымасці высадкі чалавека на Марсе), “Шатл” (грузавыя і “пасажырскія” касмічныя апараты шматразовага выкарыстання, якія служылі для дастаўкі астранаўтаў, абсталявання і рэсурсаў на пастаянныя касмічныя станцыі). Ад 1958 г. Барыс Кіт працуе ў Міністэрстве ваенна-паветраных сілаў ЗША ў якасці эксперта па міжнароднай, перадусім – савецкай, касманаўтыцы.

Акрамя гэтага, навуковец праславіўся не толькі як даследчык, але і як папулярызатар навукі. Ён піша кнігі “Дапаможнік па ракетных палівах” (1960), “Гісторыя і сучасны стан савецкай касманаўтыкі” (1964), шматлікія артыкулы. Таксама ён актыўна падарожнічае з лекцыямі, выступае на навуковых канферэнцыях па касманаўтыцы.

У 1972 г. Барыс Кіт пераязджае ў Германію і працуе ў Еўрапейскім аддзеле Мэрылендскага ўіверсітэту (Франкфурт-на-Майне). У Германіі ён абараняе доктарскую дысертацыю, прысвечаную жыццю і навуковай дзейнасці Антонія Зыгмунда, польскага матэматыка, які выкладаў самому Кіту ў Віленскім універсітэце. Абарона прайшла ў Рэгенсбургскім універсітэце ў 1982 г., у выніку Барыс Кіт атрымаў навуковую ступень доктара філасофіі ў галінах матэматыкі і гісторыі навукі. У Германіі ён робіць паспяховую навуковую і выкладчыцкую кар’еру: ад 1987 г. ён – заслужаны прафесар, ад 1990 г. – ганаровы прафесар, ад 1991 г. – акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Барыса Кіта, як аднаго з найвыбітнейшых беларусаў ХХ ст., шануюць землякі і на радзіме і за мяжой. Васіль Быкаў назваў яго “беларусам нумар адзін у свеце”, шэраг літаратараў, у тым ліку – Рыгор Барадулін, прысвячалі яму свае творы. Аднак, навуковыя дасягненні зрабілі Барыса Кіта вядомым і за межамі беларукага асяродку. У сцяну амерыканскага Капітолію ў Вашынгтоне ўмураваная “капсула часу”з імёнамі лепшых навукоўцаў свету ў галіне касманаўтыкі. Сярод іх – імя нашага земляка, Барыса Кіта.

Партал UNIVERSITAS.BY віншуе пана Барыса з днём народзінаў, жадае надалей захоўвавць моц і здароўе, і шчыра дзякуе за ўнёсак у беларускую справу і сусветную навуку.