"Гэта не мае быць самадзейнасць, хай нават вельмі добрых людзей" - гутарка з арганізатарамі IV Мінскага робатурніру.

Як ужо паведамлялася раней, 21 траўня адбудзецца IV Мінскі адкрыты робатурнір. Мерапрыемства пройдзе ў Палацы дзяцей і моладзі (Старавіленскі тракт, 41) і збярэ шматлікія дзіцячыя і падлеткавыя каманды па робататэхніцы з розных куткоў нашай краіны. Напярэдадні турніру UNIVERSITAS.BY паразмаўляў аб праблемах і перспектывах дзіцячай і ня толькі робататэхнікі ў Беларусі з аднымі з арганізатараў спаборніцтва, а таксама на свае вочы пабачыў як адбываецца навучанне дзяцей робататэхніцы і падрыхтоўка камандаў да спаборніцтваў.

 

Нашым першым суразмоўцам быў ГЛЕБ КАРНЕЙ, настаўнік робататэхнікі і трэнер камандаў да спаборніцтваў па ёй. Мы высветлілі, хто ж такія – юныя робататэхнікі і якія перспектывы яны маюць у будучыні.

Якія дзеці прыходзяць займацца робататэхнікай? Які ўзроставы дыяпазон тых, хто толькі пачынае? Якая матывацыя?

Дзеці прыходзяць абсалютна розныя. Узростам, я паводле класаў скажу, ад першага класу – па шосты-сёмы. Іх усіх, у асноўным, лучыць матывацыя гуляць у лега, якую мы тут пераводзім у канструяванне робатаў. У асноўным, канечне, гэта дзеці, што ходзяць на алімпіяды, займаюцца дадаткова матэматыкай або праграмаваннем. Ёсць і такія, каму папросту цікава на ўсю гэтую справу паглядзець. Але, усіх таксама аб’ядноўвае адно: калі яны прыходзяць на першы занятак, яны ў адну гурбу звальваюцца, пра робататэхніку ніхто не ведае. Мы пачынаем вучыць дзяцей ад самых асноваў і яны толькі праз месяц пачынаюць …

                  Крыніца: universitas.by

То бок, нават слабыя дзеці, слабыя ў тэхнічным плане, у вас могуць пачаць займацца?

Так, асноўная праблема ў дзяцей, якія сюды прыходзяць, у тым, што ў іх вельмі завышаныя чаканні. Калі дзіця ідзе вывучаць матэматыку, яно цвёрда разумее, што гэта сумна, нудотна, і гэта нармалёва. Ён не чакае, што там будуць феерыя і захапленне. А калі ён прыходзіць да нас – тут робаты, тут лега, і тут кампутары. І яны чакаюць, што будзе бясконцая весялосць: весела, прыкольна і цікава. Мы стараемся адпавядаць, рабіць заняткі больш займальнымі, але ўсё ж многія дзеці вельмі хутка расчароўваюцца, бо аказваецца, што трэба працаваць! Аказваецца, трэба думаць галавой! Аказваецца, не ўсё так проста!

Многія дзеці адсейваюцца, але тыя, якія застаюцца – рознай падрыхтоўкі, рознага ўзроўню, рознай тэхнічнай кемлівасці. Тыя, якія застаюцца – у іх штосці ў выніку атрымліваецца. У мяне ёсць вялікая колькасць дзяцей, якія займаюцца ўжо другі-трэці год, і мы пераязджаем з аднаго канца гораду ў іншы, а яны ўсё адно працягваюць хадзіць.

Заняткі для дзяцей платныя ці бясплатныя?

Вось зараз у нас будзе група, якая замаецца бясплатна, але большая частка заняткаў – платная. Нам трэба неяк выжываць, абсталяванне каштуе дорага. Але зараз прыйдзе зборная “100 балаў” падрыхтавацца да чарговых спаборніцтваў. Спачатку ў гэтай зборнай было два чалавекі, гэта летась, а сёлета – чатыры каманды і агулам чалавек восем. Мы плануем, што гэтая зборная будзе расці і пашырацца, бо каб падрыхтавацца да спаборніцтваў трэба патраціць вялізную колькасць часу і вялізную колькасць мазгавой працы. Мы заахвочваем дзяцей, якія гатовыя ўзяць на сябе такі агромністы цяжар.

Наколькі зразумела, усё гэтае абсталяванне каштуе даволі дорага?

Так, самая дарагая частка – гэта робаты. Кошты на іх значна адрозніваюцца, але адзін камплект робату, то бок – адзін робат, каштуе каля пяцісот даляраў. Да ўсяго гэтага абавязкова патрэбны ноўтбук. Але для добрай арганізацыі заняткаў гэтага недастаткова. То бок, вы не можаце набыць дзеяць робатаў, набыць дзесяць ноўтбукаў, і зладзіць курсы. Патрэбныя палі, патрэбнае разнастайнае дробнае абсталяванне, з якім будуць узаемадзейнічаць робаты. Мы вось нядаўна набылі некалькі набораў “Lego” звычайных, там кубікі, вежачкі, розныя аб’екты… Мы пастаянна штосці дадаем – тыя ж палі. Патрэбная база і яна дастаткова вялікая, яна мусіць рэгулярна абнаўляцца, пашырацца, бо нейкія дэталі губляюцца, датчыкі набываюцца, палі выходзяць з ладу і робяцца новыя, і гэтак далей…

І ў сувязі з матэрыяльным аспектам, адразу наступнае пытанне: ці ёсць цікаўнасць да такіх курсаў з боку ІТ-сектару?

Так, ёсць. У нашай краіне фактычна ўся робататэхніка інспіраваная была ІТ-сектрам. Зараз ёсць некалькі прыватных школаў, якія гэтую тэму распрацоўваюць. Мы – адна з такіх школаў. Такі кірунак адукацыі тым ці іншым чынам звязаны з ІТ. Ёсць курсы наўпрост пры EPAM, ёсць курсы ў іншых гарадах нашай краіны, якія таксама арганізоўвалі “айцішнікі”. Яны зацікаўленыя, каб гэтая сфера адукацыі была ў іх, напрыклад, як частка пакету для супрацоўнікаў – курсы для дзяцей.

А ў якасці спосабу “палявання на мазгі” яны гэта разглядаюць?

Пакуль – не. У нас у краіне робататэхніка з’явілася зусім нядаўна і пакаленне яшчэ не вырасла. То бок, напрыклад, два хлопцы, якія летась ездзілі ў Катар, якія маюць вельмі добрыя веды не толькі ў праграмаванні, а яшчэ і вопыт каманднай працы, я мяркую, што яны цікавыя для ІТ-сектару як мазгі і як патэнцыйныя кіраўнікі праектаў, але ёсць адна праблема: адзін у дзявятым класе, другі – у дзясятым. І калі гэтае пакаленне дарасце каб патрапіць на працу, хаця б да першага-другога курсу ўніверсітэту, я мяркую, што многія будуць казаць: “А я займаўся робататэхнікай, а потым я праграмаваў там-та, а потым я патрапіў на ФПМ…”. Я мяркую, што нейкай меткай гэта можа быць.

                  Крыніца: roboturnir.by/

Зноў жа, як працяг – наступнае адразу пытанне: у суседніх краінах, ці ўвогуле за мяжой, як адрозніваецца сітуацыя ад нашай?

Каласальна насамрэч. У перадавых краінах, у Амерыцы, у Расіі, у Кітаі, у Азіі ўвогуле, робататэхніка развітая вельмі моцна. У іх ёсць адукацыйныя праграмы адпаведныя. Літаральна на гэтым тыдні я быў у Расіі на спаборніцтвах па робататэхніцы, дзе было каля трох тысяч удзельнікаў, чатырыста камандаў, дзе такія спаборніцтвы актыўна падтрымліваюцца Міністэрствам адукацыі, дабрачыннымі фондамі, дзе ў межах аднаго турніру адбываецца дваццаць пяць відаў розных спаборніцтваў, здымаецца агромністы павільён на ВДНГ… Гэта калі казаць пра краіны багацейшыя. У іх ёсць вопыт. Бо ў тых жа Штатах робататэхніка, як галіна гаспадаркі, вельмі моцна развітая. Ім ёсць куды маладзёнаў, якія праз такія гурткі прайшлі, накіраваць. Калі ж казаць пра суседнія краіны: Польшчу, Чэхію, Літву, Латвію – у іх гэта ўсё таксама на дастаткова неблагім узроўні, але нейкай супер-масавасці, ці супер-крутасці там няма. Калі рэзюмаваць, то ў выпадку, калі краіна сабе гэта можа дазволіць, калі ёй гэта насамрэч трэба – у ёй гэта будзе моцна развіта, калі краіне гэта не да патрэбы, той жа Польшчы, то ў іх і развіцця такога не будзе.

У нас, адпаведна, дзяржава не цікавіцца.

Так, бо ў нас няма адпаведнай вытворчасці. Ёсць вось дзеці, ёсць нават цэлая кафедра ва ўніверсітэце, але няма вытворчасці. У нас ёсць праграмісты, іх у нас шмат. А ў робататэхніцы – існуе некалькі дзяржаўных установаў, якія маюць гурткі робататэхнікі, то бок гэта ўсё прысутнічае ў дзяржаўнай сферы, але каб сказаць, што робіцца нейкая сістэматычная праца – не. Аб тым, каб правесці нейкія вялікія спаборніцтвы, каб аказаць падтрымку вядучым камандам, кудысці іх выправіць на міжнародны турнір – размовы няма.

 

Аб удзеле дзяржавы і прыватнага сектару, а таксама аб тым, якой мусіць быць навучальная робататэхніка і адукацыя ўвогуле, разважае выкладчык фізікі і матэматкі, кіраўнік цэнтру “100 балаў” ЯЎГЕН ЛІВЯНТ: 

На нашу краіну – адзінкі, чатыры чалавекі, на мой погляд, якія могуць гэта ўсё выкладаць добра. Выкладаць адукацыйную робататэхніку. І яшчэ чалавек пяць, каторыя штосці ў гэтым разумеюць. То бок, у суме – не больш за дваццаць. І гэта адна з галоўных праблемаў, якую не прызнаюць і не жадаюць прызнаць, у тым ліку – на дзяржаўным узроўні. Бо што азначае прызнаць гэтую праблему? Гэта азначае – пачаць арганізоўваць заняткі для такіх маладых людзей. Іх трэба неяк прыцягнуць.

Ёсць непераадольная яма, роў. Каб малады чалавек абраў сабе гэты шлях, ён мусіць мець мазгі “айцішніка” і здольнасці выкладчыка. Я не ўяўляю, як малады чалавк, які мог бы атрымліваць, патэнцыйна, ад 2000 даляраў і вышэй, пагодзіцца на тое, каб атрымліваць ад 500 даляраў і ніжэй. У Расіі гэтая праблема комплексна вырашаецца, на дзяржаўным узроўні. Прынятая дзяржаўная праграма, федэральная праграма. Свораныя вялікія цэнтры, самы буйны – пад Казанню, Інопаліс, цэлы горад пабудаваны.

Як ня дзіўна,(для беларускіх чынавенцаў – рэд.) больш танна і больш зразумела – гэта закупіць абсталяванне, робатаў, ноўтбукі, сцены паставіць… На гэта знаходзяцца і нейкія грошы, і хапае цямлівасці. Але галоўнае – знайсці выкладчыка. А, значыцца, на гэта таксама трэба знайсці грошы. Каб гэтыя хлопцы таксама пайшлі туды займацца, а потым, на старце ўжо, атрымлівалі нейкі прыстойны заробак, як праграміст-junior. Гэтага няма…

                  Крыніца: roboturnir.by/

У выніку, мы вырашылі і стварылі ў нашым цэнтры некамерцыйную групу. Ну, “група” – гэта, нават, гучна сказана. Гэта былыя мае вучні. Я, калі гэта прыдумаў, сеў са спісам вучняў з думкай: “Хто б гэта мог быць?”. І вось я набраў, сказаў: “Хлопцы, вось, распавядзіце іншым, мо хто яшчэ зацікавіцца.” Яны прывялі свайго сябра.

Праз паўгады чэмпіянат за мяжой, нашая зборная туды ездзіла два разы. Спачатку ў Сочы, не ўзялі ніякіх месцаў, але ніхто і не ставіў мэты – першы раз з’ездзілі, паглядзелі, што гэта такое. А ў Катары ўжо няблага выступілі: адна каманда заняла чацвёртае месца, гэта нашыя хлопцы, і каманда Аляксандра Францкевіча (ён уваходзіць у лік тых чатырох-шасці, якія ўмеюць выкладаць робататэхніку). Яны ўдзельнічалі ў “робафутболе”, там правілы, фактычна, чэмпіянату свету па футболе, калі спачатку групы, а потым – фінал. Яны туды не прайшлі, але, калі я правільна памятаю, было ў групе пяць камандаў, значыцца – трэба было згуляць чатыры гульні. Дзве выйгралі, дзве прайгралі. Ну, па-першае, гэта не так дрэнна, па-другое, выйгралі ў кітайцаў (Кітай – адзін з традыцыйных лідэраў у робататэхніцы, у тым ліку – дзіцячай. – рэд.). Я лічу, што гэта вельмі добры вынік. А вось студэнты нашыя, наколькі я ведаю, нават не выйшлі на старт, яны былі не гатовыя. І мы жадаем падрыхтаваць студэнтаў, якія наўрадці зоймуць нейкае месца, але мы імкнемся, каб яны, давайце назавем рэчы сваімі імёнамі, не аблажаліся. Бо тыя, хто ездзіў летась… Я зараз скажу пафасную рэч: нельга так за краіну выступаць. Яны не змаглі нават выйсці на старт. Я з павагай стаўлюся, калі ты выступіў, перамог ты ці прайграў. А так – навошта ж было ездзіць?.. Вось мы жадаем, каб студэнты з’ездзілі, прайшлі адборачны тут і нармалёва выступілі, гэта першае. А другое, я хачу каб з іх ліку (бо гэта не горшыя, гэта лепшыя студэнты факультэту прыкладной матэматыкі БДУ), каб хоць адзін сказаў: “Хлопцы, ну праграмістаў шмат, а вось робататэхнікаў – мала”.

Якія ў нас перспектывы, так бы мовіць, “дарослай” робататэхнікі? Цікаўнасць, напрыклад, з боку ІТ-бізнесу, ёсць?

Гэтае пытанне не да мяне, я – настаўнік. Гэта ўсё адно, што сказаць: “Ты вучыш дзяцей матэматыцы і фізіцы, рыхтуеш да экзаменаў. А куды яны потым?”. У мяне няма таго вопыту і ведаў, каб сказаць, што мае вучні пойдуць туды, туды і туды.
Інтуітыўна я ведаю, што тыя, хто добра засвоілі матэматыку і фізіку, не толькі вывучылі, але і мысляць, навучыліся думаць, яны чагосці даб’юцца ў якасці інжынераў, праграмістаў. Але які практычны выхад ад навучання робататэхніцы ў нашым цэнтры, я, пакуль што, не буду прадказваць.

Але, з іншага боку, я бачу як увесь свет стаіць на вушах ад гэтага. Я мяркую, што штосці гэта значыць. Калі ўвесь свет на вушах, калі ў Катар на турнір прыязджаюць навукоўцы, інжынеры з усяго свету, і яны вышукваюць наўпрост “залатую моладзь”, нейкія семінары ладзяць… Туды з’язджаецца натоўп такіх людзей. Відавочна, што гэта ім трэба.

Што датычна нашага ІТ-бізнесу. Мы займаемся ўжо колькі гадоў. Да нядаўняга часу падтрымку нам аказваў адзін канкрэтны чалавек, Леанід Лознэр, а таксама звязаны з ім фонд “Навука вакол нас”. Яны падтрымлівалі і ідэйна, гэта вельмі важна! Мы першы турнір запускалі разам з Лознэрам, а ён заснавальнік EPAM, на хвіліначку, нічога – карона не ўпала, цягаў парты, палі (для робатаў – рэд.) нажоўкай пілаваў, у краме закупаў, яму гэта было цікава. Прызы таксама. Вось так падтрымліваюць нас. Потым, я не ведаю, ці адносіцца кампанія “Рэгула” да ІТ, мабыць – не, але гэта кампанія дарыла прызы. Бо турнір некамерцыйны, рэальна некамерцыны, то бок – грошай няма ані на стале, ані пад сталом. І “Рэгула” сказала: “Вось, хлопцы, у вас турнір, вось вам пяць планшэтаў – раздайце пераможцам”. А вось зараз, калі мы анансавалі гэты турнір – значны інтарэс. Пакуль патэнцыйны, але… Мяне запрасілі на асацыяцыю ІТ-прадпрымальнікаў, створаную Змітром Гурскім, дзе мне прапанавана распавесці пра робататэхніку агулам і пра турнір у прыватнасці. Пакуль патэнцыйна яны гатовыя абмеркаваць падтрымку гэтаму турніру. Мажліва, яна зараз з’явіцца.

Бо, як распавядаў Глеб, калі прыязджае зборная Расіі на чэмпіянат, яна фінансуецца шэрагам прыватных і дзяржаўных фондаў. Я заўсёды паўтараю фразу, пачутую ад Глеба: “У мяне ўзнікла адчуванне, што калі зборная Расіі прыедзе на алімпіяду ў Рыя-дэ-Жанэйра, то ўсё будзе арганізавана так, як было на гэтым турніры ў Катары”. Бачны мэнэджмент. То бок, нашыя паехалі як? Ну, вось мы сабраліся і паехалі… А там людзі едуць на чэмпіянат свету праз сур’ёзнейшыя адборы. Вось зараз у Маскве быў фестываль робататэхнікі, летам будзе адбор. Гэта буйнейшы турнір, на які з’язджаюцца з усёй Расіі. Перамагаюць на турнірах там не Масква, не Пецярбург, не Навасібірск – вось зараз перамагла каманда з нейкага малога гораду ў Свярдлоўскай вобласці. То бок, гэтыя агмяні ёсць па ўсёй краіне. У іх шыкоўны мэнэджмент (гэта акрамя ўдзельнікаў камандаў!) – кожны адказвае за сваё: гэты за абсталяванне, той за размяшчэнне ў гатэлі, за харчаванне і гэтак далей. З дакладным, прапісаным спісам абавязкаў людзі прыязджаюць.

                  Крыніца: roboturnir.by/

У нас такога няма. Я спадзяюся, што зараз, калі мы, на шчасце, адны з лідараў сусветнага ІТ, мажліва ТІ-кампаніі палічаць патрэбным паўдзельнічаць у гэтым. Што тычыцца дяржавы, то за ўвесь час, як мы ўсё гэта робім, дзякуй дзяржаве – яна не перашкаджала. Калі я кажу, што дзяржаўнага ўдзелу не было ніякага, то гэта значыць – зусім ніякага. Адносна нас, мы маем камерцыйныя і некамерцыйныя заняткі, але, нават калі заняткі некамерцыйныя, мы аплочваем арэнду (выкладчык працуе бясплатна), мы купляем абсталяванне, у выкладчыка павінны быць паездкі для абмену вопытам, мы павінны ездзіць на спаборніцтвы, да нас павінны прыязджаць на спаборніцтвы, падрыхтоўка спаборніцтваў – гэта ўсё за наш кошт і за кошт пакуль вельмі рэдкіх спонсараў. Я не скарджуся, мне “па кайфе” гэтая праца, мне падабаецца яе рабіць. Але, як падаецца, гэта не зусім правільна, бо мы перараслі гэты ўзровень. Калі мы жадаем удзельнічаць у сусветных справах, гэта не мае быць самадзейнасць, хай нават вельмі добрых людзей. Абавязкова павінны быць прафесіяналы, яны павінны прыйсці, а ўсё так функцыянуе, што гэта каштуе вялікіх грошай: абсталяванне, працоўны час выкладчыкаў, паездкі выкладчыкаў і дзяцей… Паездкі дзяцей на сусветнае спаборніцтва таксама аплочваў спонсар. Апошнія гады спонсар ёсць. А калі яго не будзе? Калі ён не пажадае? Зразумейце, мы не ведаем, паедзем мы ў Індыю на чэмпіянат, або не.

Ёсць патрэба ў інстытуцыялізацыі?

Так! Вось ёсць бюджэт, на год прыняты. І няважна, хто пераможа на рэспубліканскім спаборніцтве – паедзе ён, лепшы, але ўжо пад гэта радок у бюджэце мае быць. Трэба пачынаць тэхналагічныя нейкія рэчы рабіць. Узровень мусіць быць прафесійным.

Мы не плануем манапалізаваць гэтую сферу, нават, калі б жадалі, гэта бессэнсоўна. Мы гатовыя супрацоўнічаць з дзяржавай. Але яна сёння праводзіць нейкія дзіўныя турніры, “для галачкі”. То бок, праблемаў дастаткова шмат. І я не хачу сказаць, што ў нашай краіне мы – лепей, а хтосьці – горш, але мы ўсе сур’ёзна адстаем ад суседніх і далёкіх краінаў. Робататэхніка развіваецца і ў Кітаі, і ў Расіі, і ў Польшчы, і ў краінах Балтыі, і ў Скандынавіі, і ў Чылі, і ў Казахстане, таксама як і адукацыя ўвогуле. Заўважце, мы бачым як расце магутнасць гэтых краінаў, і паралельна расце сістэма адукацыі. Я не ведаю, што там першае, дзе яйка, дзе курыца. Але няма ніводнага факту, каб дзяржава ўзнялася, а сістэма адукацыі ў ёй бы ляжала.