У Коўне адбыўся VI Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі

Ужо традыцыйна ў першыя дні кастрычніка Ўніверсітэт Вітаўта Вялікага ў літоўскім горадзе Коўна прыймае вялікае навуковае мерапрыемства – Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Сёлета гэтая канферэнцыя адбывалася 7–9 кастрычніка, як заўжды ахопліваючы час з пятніцы па нядзелю. Асноўнымі арганізатармі кангрэсу з’яўляюцца Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў і “Беларускі Калегіум”, які прадстаўляюць беларускі бок, а таксама Ўніверсітэт Вітаўта Вялікага і Інстытут Вялікага Княства Літоўскага з боку Літвы. Падтрымку гэтаму мерапрыемству аказваюць Міністэрства замежных справаў Літвы, шматлікія навуковыя фундацыі і інстытуцыі з розных краінаў Еўропы, а таксама з ЗША.

 

Кангрэс з’яўляецца адным з найбуйнейшых (калі не найбуйнейшым) навуковым мерапрыемствам беларускай тэматыкі. Толькі навуковых дакладаў у часе працы секцыяў гэтым разам было прачытана больш за 350. А, акрамя навкоўцаў-удзелькаў, у працы Кангрэсу бяруць удзел арганізатары прэзентацыяў навуковага і грамадскага характару, журналісты, а таксама госці – тыя, хто прыяздлжае ў Коўна каб паназіраць за Кангрэсам і паслухаць даклады на розных секцыях. Такім чынам, агульная колькасць удзельнікаў мусіла перавысіць 500 чалавек.

            Крыніца: universitas.by

Сёлета Коўна сустрэў Кангрэс нязвыкла халодным і дажджлівым надвор’ем, не гледзячы на тое, што звычайна дні на гэтае мерапрыемства выпадаюць цёплыя і сонечныя, выразна кантрастуючы з Мінскам і цешачы ўдзельнікаў карцінай прыгожай літоўскай восені. Аднак, такая дробязь, як восеньская слота, не магла перашкодзіць плённай працы навукоўцаў. А, зважаючы на агульны вялікі памер колькасці ўдзельнікаў, зразумелым з’яўляецца і тэматычны ды геаграфічны маштаб Кангрэсу.

Так тэматыка канферэнцыі традыцыйна ахоплівала вялікі абшар гуманітарнай і грамадазнаўчай веды – ад паліталогіі, эканомікі і міжнародных адносінаў да этналогіі, біблеісітыкі і культуралогіі. Усяго было прадсаўлена 16 секцыяў, якія, у сваю чаргу, падзяляліся на тэматычныя кірункі і раздзелы (панэлі). Побач з традыцыйнымі для Кангрэсу секцыямі сёлета паўстала яшчэ адна адмысловая – “Чарнобыльская катастрофа, беларускае грамадства і Палессе” – што з'явілася адсылкай да сумнай 30-й гадавіны аварыі на ЧАЭС.

                 Крыніца: universitas.by

Зважаючы на значную колькасць удзельнікаў, праца секцыяў выдалася надзвычай плённай. Як звычайна, яна распачалася па абедзе ў пятніцу і скончылася ў нядзелю раніцай. У паседжаннях, акрамя беларусаў, прынялі ўдзел даследчыкі з Польшчы, Украіны, Нямеччыны, Аўстрыі, Чэхіі, Расіі, Вялікай Брытаніі і іншых краінаў. Традыцыйна падчас працы секцыяў разам гучала вялікая колькасць моваў: беларуская, украінская, польская, расейская, ангельская – у гэтым плане Кангрэс заўжды даваў магчымаць навідавоку адчуць шматмоўнасць і шматкультурнасць спадчыны нашага краю. Вынікі паседжанняў былі падведзеныя падчас закрыцця Кангрэсу, дзе кіраўнікі секцыяў і мадэратары панэляў займелі мажлівасць каротка акрэксліць праведзеную працу.

                Крыніца: universitas.by

Асобную ўвагу на прыцягвае таксама цырымонія ўзнагароджвання Прэміяй Кангрэсу лепшых навукоўцаў у розных галінах вывучэння Беларусі. Сёлета ў намінацыі “Гісторыя” перамаглі Аляксандр Груша з манаграфіяй “Документальная письменность Великого Княжества Литовского (конец XIV – первая треть XVI в.)”, а таксама Уладзімір Канановіч з артыкулам “Радавод князёў Глінскіх: памяць пра мінулае як зброя палітычнай барацьбы”. У намінацыі “Гуманітарныя навукі” пераможцамі сталі Цімафей Авілін (манаграфія “Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія”) і Уладзімір Лобач (артыкул “Феномен вайны ў міфапаэтычнай карціне свету беларусаў”). Вольга Кучынская з англамоўнай манаграфіяй “The Politics of Invisibility: Public Knowledge about Radiation Health Effects after Chernobyl” і Наталля Васілевіч з артыкулам “Заведама нераўнапраўныя: Царква і дзяржава ў Беларусі пары кансалідаванага аўтарытарызму” атрымалі прэмію ў намінацыі “Сацыяльна-палітычныя навукі”. Таксама сёлета ўпершыню ўручалася спецыяльная ганаровая прэмія для польскіх даследчыкаў за лепшую публікацыю на беларускую тэматыку. Пераможцай у гэтай намінацыі стала Ганна Энгелькінг, што выдала грунтоўную манаграфію аб беларускім сялянстве на сучасным этапе (“Kołchoźnicy. Antropologiczne studium tożsamości wsi białoruskiej przełomu XX i XXI wieku”).

               Крыніца: universitas.by

На шосты год правядзення Кангрэсу можна ўпэўнена канстатаваць, што гэтае мерапрыемства ўжо сталася сапраўднай падзеяй навуковага жыцця Беларусі і суседніх краінаў, абмінуць якое папросту немагчыма для шматлікіх традыцыйных удзельнікаў. Гэта, у сваю чаргу, прыцягвае і мноства маладых навукоўцаў, бо дае шанец давесці вынікі сваіх штудыяў на такім прадстаўнічым форуме. А таму падаецца, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі чакае яшчэ доўгая гісторыя.