Міністр распавёў пра змены ў заканадаўстве аб адукацыі

На пытанні журналістаў каналу "Беларусь-1" адказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Сустрэча з міністрам адбылася ў рамках праграмы "Галоўны эфір", у выпуску, які выйшаў ўвечары 15 студзеня. Зразумела, што асноўныя пытанні журналістаў тычыліся апошніх новаўвядзенняў, што адбыліся паводле загаду прэзідэнта №4.

 

У прыватнасці, сярод іншых навінаў, Ігар Карпенка адзначыў магчымасць прыёму выпускнікоў профільных педагагічных класаў на адпаведныя спецыяльнасці ў ВНУ без іспытаў, а толькі па выніку сумоўя. Па словах міністра, прычына такога рашэння палягае ў тым, што "нам сёння неабходныя матываваныя маладыя людзі, якія маюць прыйсці ў педаганічную сферу".

Міністр згадзіўся з меркаваннем журналістаў наконт таго, што ў краіне існуе "культ вышэйшай адукацыі", а самой адукацыі належыць быць "больш элітарнай". Ён адзначыў, што на сённяшні дзень нацэленасць на навучанне ў ВНУ маюць нават школьнікі з аднакамі 5 і 6, чаго быць не павінна. Такое абмежаванне абумоўлена тым, што "паступленне - гэта толькі першы крок", за якім абітурыента чакае даволі насычаная праграма спецыяльнай, прафесійнай і агульнагуманітарнай падрыхтоўкі, якую вытрымліваюць далёка не ўсе.

Таксама Ігар Карпенка адзначыў заслугу сістэмы цэнтралізаванага тэставання ў выкараненні карупцыйнага складніку пры паступленні. У той жа час, ён прызнаў, што "за гэтымі сертыфікатамі (ЦТ - заўв. Universitas.by) часам не бачым асобу абітурыента".

Міністр лічыць, што сістэма адукацыі ў Беларусі ўстаялася і не вымагае сур'ёзных зменаў. Аднак, у той жа час, з мэтай яе ўдакладнення рыхтуюцца новаўвядзені ў Кодэкс аб адукацыі і Закон аб навуковай дзейнасці.